РУС БЕЛ ENG

Любча. І сэрца пранізвае боль…

05.05.2023

5 мая 2023 года, напярэдадні свята Вялікай Перамогі, педагогі і навучэнцы 1-3 курсаў установы адукацыі “Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж” прынялі ўдзел ў мітынгу – рэквіеме, які адбыўся на месцы спаленай вёскі Любча, што знаходзіцца непадалёк ад аграгарадка Ілья на Вілейшчыне.

Адкрыла ганаровы мітынг Алена Аляксандраўна Чабатар – старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў.

У сваім выступленні Алена Аляксандраўна зрабіла акцэнт на тым, што 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія нечакана напала на Савецкі Саюз.

Не абышла страшэнная вайна і Вілейшчыну. За гады акупацыі на яе тэрыторыі фашысты спалілі паўсотні вёсак, а пяць з іх – з людзьмі. Гэта Боркі, Любча, Брыгідава, Старынкі і Гасцілава. Боркі і Любча пасля вайны так і не адрадзіліся.

Вёска Любча Вілейскага раёна была спалена разам з жыхарамі 5 мая 1943 года. 23 двары і 95 мірных жыхароў загінулі ў агні.

У 1955 годзе на магіле пастаўлены помнік. У 1975 годзе на месцы кожнага дома ўстаноўлены мемарыяльныя пліты з прозвішчамі загінуўшых сем'яў; на тых месцах, дзе былі спалены мужчыны і жанчыны паасобку, пастаўлены 2 стэлы. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

Затым да мікрафона былі запрошаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыялальнага сходу Ірына Аляксандраўна Супрановіч, пракурор Вілейскага раёна Андрэй Валер’евіч Жукоўскі, святар храма Прарока Іліі айцец Андрэй і іншыя афіцыйныя асобы, прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый.

Скончыўся мітынг-рэквіем ускладаннем кветак да помніка загінулым у гады вайны жыхарам вёскі Любча.

Ніхто не забыты! Нішто не забыта!