РУС БЕЛ ENG

Ініцыятыва, актыўнасць, поспех: выбар моладзі з Ільянскага каледжа

12.04.2023

Самая таленавітая, ініцыятыўная і адораная моладзь з усёй Мінскай вобласці з’ехалася 11 красавіка 2023 года ў Слуцк. У Слуцкім гарадскім Доме культуры адбыліся гала-канцэрт і выніковая выстава абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцкай і студэнцкай моладзі «АРТ – вакацыі - 2023» сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

З асаблівым пачуццём хвалявання ехалі на мерапрыемства ўдзельнікі дэлегацыі ўстановы адукацыі «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж».

Педагогам каледжа ў рамках інтэрактыўнай пляцоўкі «Малой радзіме – творчасць маладых» было даручана арганізаваць выставу вырабаў дэкаратыўна – прыкладной творчасці і правесці майстар – клас па дэкупажу.

У рамках гала – канцэрта адбылося ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў абласнога конкурсу «Лепшы навучэнец установы прафесійнай адукацыі Мінскай вобласці - 2022».

На п’едэстале гонару 41 навучэнец. Яны вызначыліся поспехамі ў вучобе, спорце, прафесійнай дзейнасці, здзівілі інавацыйнымі стартапамі, творчымі нумарамі, валанцёрскімі праектамі.

Дыпломам III ступені ў намінацыі «За папулярызацыю рабочых прафесій сродкамі мастацка – творчай дзейнасці» ўзнагароджаны навучэнец 4 курса Ільянскага аграрнага каледжа Дзмітрый Жылянін.

Дзмітрый заканчвае навучанне па спецыяльнасці «Ветэрынарная медыцына», будзе працаваць на адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Міншчыны. У выбары прафесіі, лічыць, што не памыліўся.

- Неяк пачуў па тэлевізары, што праз 50 гадоў знікнуць 70 найменняў розных спецыяльнасцей, — кажа хлопец. - Але ветэрынары, я ўпэўнены, будуць заўсёды, таму што няма больш высакароднай і запатрабаванай прафесіі.

Дзмітрый добра вучыцца, ініцыятар і актыўны ўдзельнік ўсіх культурных і спартыўных мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўстанове адукацыі, член Маладзёжнага парламента Вілейскага раёна, нязменны лідэр каманды каледжа падчас штогадовага фестывалю «Студэнцкая аграрная вясна».

Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж ганарыцца сваім выпускніком.

У добры шлях, Жылянін Дзмітрый!