РУС БЕЛ ENG

Хатынь: дакрануцца сэрцам да болю

22.03.2023

Вялікая Айчынная вайна стала для нашай краіны і ўсяго беларускага народа часам непераходзячага смутку. Спаленая разам з жыхарамі вёска Хатынь Лагойскага раёна - сімвалам учыненага фашыстамі генацыду, неверагоднай чалавечай жорсткасці.

22 сакавіка 2023 года намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікуліч Л.М., загадчык аддзялення Дыба П.М., педагог сацыяльны Буслаўская Т.І. у складзе аб’яднанай дэлегацыі Вілейскага раёна прынялі ўдзел ў мітынгу-рэквіеме, прымеркаваным да 80-годдзя хатынскай трагедыі. 

Адкрыў урачыстае мерапрыемства Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які прыехаў у мемарыяльны комплекс «Хатынь», каб разам з народам аддаць даніну памяці загінулым жыхарам «вогненнай вёскі» і ўсім ахвярам страшэннай вайны.

«У фашызму няма чалавечага твару, але ёсць імёны забойцаў і здраднікаў свайго народа. Мы іх ведаем. Ёсць нашчадкі і ідэйныя прадаўжальнікі, у якіх зноў абудзіўся ген нянавісці да славянскай цывілізацыі і нашаму народу. «Арыйскія стандарты» яны замянілі на ліберальныя дэмакратычныя каштоўнасці. Фільтраванне народаў на адпаведнасць новаму эталону ідзе даўно. Таму мы зробім усё, каб захаваць у гісторыі подзвіг пакаленняў савецкіх людзей, якія з гонарам прайшлі свой урок мужнасці і гераізму», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля ўрачыстай часткі мерапрыемства педагогі Ільянскага каледжа ўсклалі кветкі да помнікаў вёскам Любча і Боркі Вілейскага раёна, якія раздзялілі жалобны лёс Хатыні, былі спаленыя карнікамі ў гады ваеннага ліхалецця.

Трагедыя вайны больш ніколі не павінна паўтарыцца! Няхай мірным і спакойным будзе неба над нашай Бацькаўшчынай!