РУС БЕЛ ENG

“З павагай да роднага слова!”

22.02.2023

Пад такім дэвізам прайшлі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня роднай мовы 21 лютага ва ўстанове адукацыі “Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж”.

Да свята ў фае каледжа была падрыхтавана фотовыстава,прысвечаная беларускай мове.

Раніца ў каледжы пачалася святочнай акцыяй “Наша беларуская раніца”, пад час якой навучэнцы 101 вучэбнай групы ветэрынарнага аддзялення, апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі, віталі педагогаў і усіх іншых навучэнцаў са святам, прапануючы кожнаму выказаць свае пажаданні калектыву на пачатку новага працоўнага дня на роднай мове, і частавалі ўсіх нашымі беларускімі цукеркамі.

Увесь дзень у фае каледжа гучалі беларускамоўныя песні ў выкананні знакамітай беларускай групы “Дразды” і дэманстраваліся відэаролікі пра скарбы беларускай мовы.

Працягнуліся святочныя мерапрыемства ў вучэбных аўдыторыях. Удзельнікі святочнага праекта правялі інтэрактыўную моўную пляцоўку “Залацінкі роднага слова”, прапанаваўшы навучэнцам паспаборнічаць у красамоўстве, чытаючы ўголас беларускія хуткамоўкі. А педагогі чыталі ўрыўкі з вершаў пра родную мову,напісаных нашымі знакамітымі паэтамі. Усе ўдзельнікі моўнай пляцоўкі таксама атрымалі салодкія падарункі.

Завяршылася свята тэматычным дыктантам “Гімн роднай мове”, які напісалі навучэнцы 102 вучэбнай групы ветэрынарнага аддзялення.

Годна, прыгожа, велічна і мілагучна гучала наша родная беларуская мова ў сценах каледжа, яшчэ раз напамінаючы нам аб агульнай адказнасці за захаванне яе чысціні і неабходнасці больш актыўнага і асэнсаванага яе выкарыстання кожным асабіста ў сваім паўсядзённым жыцці.