РУС БЕЛ ENG

Гучы, іскрыся, «Светлае слова»!

24.12.2021
24 снежня 2021 года ва ўстанове адукацыі «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж» адбылося свята. У актавай зале каледжа з нагоды правядзення заключнага мерапрыемства III–га раённага літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова»сустрэліся адзінадумцы, людзі, якіх аб’ядноўвае мэта папулярызацыі беларускай мовы і мастацкага чытання сярод жыхароў Вілейшчыны, фарміравання ў моладзі станоўчых рыс характару і пачуцця патрыятызму.

Са шчырымі прывітальнымі словамі ў пачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася Таццяна Мікалаеўна Захарыч, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна».Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што час, напярэдадні Новага года і Раства – найлепшы для падвядзення вынікаў зробленага за год, а таксама для складання новых планаў на будучае.

Фестываль «Светлае слова»ўжо шмат год  з’яўляецца візітнай карткай Вілейшчыны. Творчыя сустрэчы, літаратурныя і музычныя гасцёўні, конкурсы чытальнікаў беларускай прозы, паэзіі з поспехам праходзяць ва ўстановах адукацыі і культуры раёна, маюць добрыя вынікі ў выхаванні падрастаючага пакалення. Сведчаннем гэтаму сталі ўзнагароды, якімі ў дзень завяршэння фестывалю была адзначана плённая праца арганізатараў і ўдзельнікаў фестывальных мерапрыемстваў.

Дыпломамі III –га раёнага літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова» былі ўзнагароджаны: спецыяліст ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Ірына Фёдараўна Бадзеева, удзельнікі народнай эстраднай студыі аўтарскай песні «Імпэт» (кіраўнік Галіна Віктараўна Кутас), навучэнцы і педагогі ДУА «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж», ДУА «Ільянскі яслі-сад», ДУА «Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця», ДУА «Рабунскі ВПК дзіцячы сад – базавая школа», ДУА«Залескі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа».

Пасля ўрачыстасцяў, калі былі агучаны імёны арганізатараў, дыпламантаў і пераможцаў фестывалю, выказаны словы падзякі, прысутныя ў зале атрымалі магчымасць ў поўнай меры акунуцца ў атмасферу асяроддзя беларускай культуры.

Канцэртная частка мерапрыемства была складзена з мастацкіх нумароў, якія прагучалі са сцэны ў выкананні артыстаў студыі аўтарскай песні «Імпэт», а таксама ўдзельнікаў гурткоў мастацкай самадзейнасці Ільянскага каледжа.

Завяршаецца 2021 год. Шмат добрага, пазітыўнага і выніковага прынёс ён для нашай установы адукацыі. Адным з такіх набыткаў стала правядзенне мерапрыемстваў III –га раёнага літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова» на Ільянскай зямлі. Мы сталі нашмат багацей духоўна, дакрануўшыся да гістарычнай, культурнай спадчыны роднага краю, сучасных паэтычных і песенных традыцый, якімі славіцца Вілейская зямля.

Вялікі дзякуй за свята! Да новых сустрэч, «Светлае слова»!