РУС БЕЛ ENG

Светлае слова на Ільянскай зямлі

24.09.2021

Светлым, напоўненым радасцю ад сустрэчы з добрымі сябрамі стаў знешне пахмурны дзень 22 верасня для калектыва выкладчыкаў і навучэнцаў Ільянскага каледжа.

Добрае надвор’е і святочны настрой прынеслі госці,якія  зранку завіталі ва ўстанову адукацыі.

У актавай зале адбылася сустрэча з удзельнікамі III раённага літаратурна - музычнага фестывалю «Светлае слова», што з 11 верасня па 9 кастрычніка праводзіцца ў Вілейскім раёне.

 Са шчырымі прывітальнымі словамі ў пачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася Таццяна Мікалаеўна Захарыч, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна». Таццяна Мікалаеўна расказала аб мэтах, да якіх імнуцца стваральнікі фестывалю - папулярызацыя беларускага слова і мастацкага чытання сярод жыхароў  Вілейшчыны, выхаванне ў моладзі станоўчых рыс характару і пачуцця патрыятызму.

Працягнуў размову з навучэнцамі і педагогамі настаяцель храма прарока Іліі айцец Сергій. Святар ў сваім выказванні закрануў тэму выкарыстання людзьмі ў сваёй мове так званых «нецэнзурных» слоў, прасцей кажучы, лаянкі, якую дазваляюць сабе ўжываць многія падлеткі, нават не задумваючыся, наколькі гэта шкодна для іх псіхічнага і фізічнага здароўя.

Беларуская народная і аўтарская музыка, вершы вядомых паэтаў Вілейшчы, песні ў выкананні Таццяны Мікалаеўны - усё гэта садзейнічала стварэнню ў зале падчас сустрэчы неверагоднай атмасферы адзінства, дабра, міру, адчування любові да Беларусі як найвышэйшай каштоўнасці ў жыцці.

Таццяна Мікалаеўна Захарыч правяла з навучэнцамі інтэрактыўную гульню на лепшага знаўцу беларускай мовы, пераможцы якой атрымалі каштоўныя прызы – камп’ютарныя дыскі з запісамі песень на словы вілейскіх аўтараў.

Навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Андрэй Юр’евіч Каркотка расказаў аб абставінах лёсу пісьменнікаў і паэтаў, уражэнцаў Вілескага раёна, якія пісалі свае творы падчас ліхалецця, што віхурай праносілася над нашай замлёй у гады першай Сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Супрацоўнік Вілейскай раённай бібліятэкі Яніна Іванаўна Куліцкая пазнаёміла з навінкамі мастацкай літаратуры па духоўным выхавані падрастаючага пакалення, прызначанай для вучэбнай аудыторыі і сямейнага чытання.

У заключнай частцы сустрэчы выступіла  выкладчык беларускай мовы і літаратуры каледжа Алена Аляксандраўна Рысевец, якая выказала падзяку гасцям каледжа, стваральнікам фестывалю «Светлае слова», пажадала далейшых поспехаў ў іх светлай дзейнасці – выхаванні любві да матчынай мовы, роднай гісторыі, нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь.

 

                                                Таццяна Буслаўская,

                                                 загадчык метадычнага кабінета

                                                 УА «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж»