Праз поспехі ў навуцы – да поспеху ў жыцці

Шмат карысных і цікавых ідэй, задумак рэалізуецца ва ўстанове адукацыі «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж». Сёння тут эфектыўна вырашаюцца пытанні падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі. Поспех у тым, што педагагічны калектыў здольны не толькі берагчы традыцыі, закладзеныя калегамі ў мінулым, алеі шпарка крочыць ў нагу з часам. Гэта дазваляе ўстанове адукацыі заставацца цікавай для маладых людзей.

Адным з галоўных накірункаў выхаваўчай работы каледжа з’яўляецца дзейнасць па навуковай прафарыентацыі навучэнцаў. У межах дадзенай дзейнасці педагогамі каледжа арганізуюцца і праводзяцца наступныя мерапрыемствы: факультатыўныя заняткі, семінары, круглыя сталы, майстар-класы. Пад кіраўніцтвам  выкладчыкаў, куратараў навучэнцы 1-4 курсаў паспяхова ўдзельнічаюць ў конкурсах, навукова – даследчых канферэнцыях абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

Навучэнец 4 курса заатэхнічнага аддзялення Альфер Андрэй пад кіраўніцтвам выкладчыка спецыяльных дысцыплін Шамонінай А.І. падрыхтаваў і прадставіў навукова – даследчую работу на канферэнцыі «Зямля – наш агульны дом», якая штогод праводзіцца ў філіяле «Маладзечненскі дзяржаўны палітэхнічны каледж” установы адукацыі «Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі». Работа пад назвай «Верміферма» адзначана сертыфікатам дадзенай канферэнцыі.

Таксама Альфер Андрэй з’яўляецца фіналістам рэспубліканскага этапу конкурсу«Сто ідэй для Беларусі» з работай «Бізнэс на вермікультывіраванні».

Дыпломам II ступені рэспубліканскай канферэнцыі «У свет пошуку, у свет творчасці, у свет навукі» адзначана даследаванне навучэнкі 3 курса ветэрынарнага аддзялення Крывапушчанкі Ксеніі «Выкарыстанне прэпарата «Дэпалак» для прафілактыкі масцітаў у кароў» (кіраўнікі – выкладчыкі спецыяльных дысцыплін Кучко А.М., Фралова В.У., Церахава Н.І.)

Важную ролю ў справе выхавання патрыятызму ў моладзі выконвае пошукава – краязнаўчая дзейнасць, якая ў каледжы таксама мае значныя поспехі.

У рамках рэалізацыі плана па святкаванні 75-годдзя Вялікай Перамогі навучэнка 1 курса ветэрынарнага аддзялення Муская Віялета пад кіраўніцтвам выкладчыка гісторыі Буслаўскай Т.І. правяла даследванне  «Ільянскае падполле: гісторыя, лёсы, подзвіг», якое адзначана падзякай канферэнцыі «Зямля – наш агульны дом».

Цікавай, захапляючай, багатай на факты і дакументальныя падцверджанні з’яўляецца краязнаўчая праца навучэнца 3 курса ветэрынарнага аддзялення Гарунова Арцёма пад назвай «Партызаны Вілейшчыны: іх імёны застануцца ў нашай памяці» (кіраўнік – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Мікуліч Л.М.). Работа атрымала заслужаную ўзнагароду: дыплом III ступені канферэнцыі«У свет пошуку, у свет творчасці, у свет навукі».

Час не стаіць на месцы. Змяняюцца гады, назвы, падзеі. Аднак нязменнымі застаюцца крытэрыі, якім адпапядае арганізацыя выхаваўчай работы ў Ільянскім каледжы: сродкамі пошукавай, навуковай, даследчай дзейнасці выхоўваць сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы, патрыётаў роднай Беларусі, якія будуць з гонарам памнажаць дасягненні краіны.

 

Буслаўская Таццяна Іванаўна, загадчык метадычнага кабінета.