«Ад вытокаў да будучыні» - супрацоўніцтва працягваецца

22 сакавіка 2021 года ва ўстанову адукацыі  «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж» завіталі госці:  навуковыя супрацоўнікі Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Аляксандраўна Коласава і Андрэй Юр’евіч Каркотка.

Сустрэча з навучэнцамі 1-3 курсаў адбылася ў рамках рэалізацыі сумеснага з каледжам праекта ідэалагічнай, патрыятычнай накіраванасці   «Ад вытокаў да будучыні».

Падчас мерапрыемства, якое прайшло ў актавай зале, навучэнцы наведалі адкрыты ўрок па вывучэнні гісторычнай спадчыны  Вілейшчыны, рэгіёна Беларусі, дзе будучыя ветэрынарныя фельчары і заатэхнікі атрымліваюць такія сучасныя і неабходныя прафесіі.

Вольга Аляксандраўна і Андрэй Юр’евіч засярэдзілі ўвагу навучэнцаў на асноўных датах з гісторыі Вілейскага раёна, расказалі аб стварэнні герба горада Вілейкі, якому споўнілася ўжо 225 год.

Асобная старонка ўрока была прысвечана Дню смутку беларускага народа  - 78-годдзю са дня Хатынскай трагедыі.

22 сакавіка 1943 года фашысцкія карнікі акружылі мірную беларускую вёску, сагналі ў хлеў, а затым спалілі жывымі і расстралялялі 149 жыхароў, 75 з якіх былі дзеці.

Хвілінай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Трагедыя не павінна больш паўтарыцца!

Роднай Беларусі – мір, спакой і дабрабыт!